Міжнародная выстава — пад санкцыямі, «рэвалюцыйныя» распрацоўкі — з кітайскімі прапэлерамі, паўпустая заля прэс-канфэрэнцыі з арганізатарам — і шмат гучных заяваў пра «супрацу з Расеяй». З 21 па 24 траўня ў Менску праходзіць выстава ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі MILEX-2025.
Праглядзеўшы афіцыйныя публікацыі дзяржаўных мэдыя, Свабода прааналізавала, што ўсё ж новага з вайсковай тэхнікі было паказана на MILEX-2025, хто з афіцыйных асобаў наведаў выставу і якія заявы гучалі.
Як заяўлялі арганізатары, у выставе MILEX павінны прыняць удзел 150 кампаніяў зь Беларусі, а таксама зь Індыі, Ірану, Кітаю, Пакістану і Расеі. Хоць выстава і называецца міжнароднай, але перад уваходам вісяць сьцягі толькі гэтых пяці азіяцкіх краінаў.
Сёлета выстава праходзіць у толькі што адкрытым Міжнародным выставачным цэнтры на вуліцы Паўліны Мядзёлкі ў Менску. Пра яго будаўніцтва Аляксандар Лукашэнка выказваўся з 2019 году, яго нават плянавалі пабудаваць у 2019 годзе ў ахоўнай зоне каля Курапатаў — месца масавых сталінскіх рэпрэсіяў. Але ў 2022 годзе, з прыходам інвэстара з ААЭ і забудовай жылога комплексу «Паўночны бераг», яго пачалі ўзводзіць далей, за тры кілямэтры ад Курапатаў, каля мікрараёну Навінкі. Пабудавалі Міжнародны выставачны цэнтар толькі цяпер, калі краіна апынулася ва ўмовах найбольшай міжнароднай ізаляцыі і шматлікіх уведзеных супраць беларускіх прадпрыемстваў і самых уладаў Беларусі санкцыяў.
Лукашэнка не прыехаў
Выставу адкрывалі дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч, намесьнік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч, міністар абароны Віктар Хрэнін і старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Дзьмітры Пантус. Аляксандар Лукашэнка не прыехаў. У першым шэрагу замест яго на афіцыйным адкрыцьці прысутнічаў ягоны памочнік «у агульных пытаньнях» Мікалай Латышонак.
На кадрах з выставы таксама заўважаныя кіраўнік Аб'яднанага штабу АДКБ генэрал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў, кіраўнік генэральнага штабу Ўзброеных сілаў ААЭ Аіса Аль-Мазруай, міністар абароннай прамысловасьці Азэрбайджану Вугар Мустафаеў, вайскавод Сілаў абароны Зымбабвэ генэрал Філіп Валерыё Сібанда, старшыня дырэктарату абароннай прамысловасьці М’янмы генэрал-лейтэнант Кан М’інт Тан.
Нягледзячы на заяўлены міжнародны статус і актыўную рэкляму падзеі ў праўладных мэдыя, прэс-канферэнцыя Дзьмітрыя Пантуса, старшыні галоўнага арганізатара выставы — Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі — прайшла практычна ў пустой залі:
Вялікая частка экспазыцыі выставы MILEX-2025 прысьвечаная бесьпілётнай авіяцыі і сродкам барацьбы зь ёю, радыёэлектроннай барацьбе, сродкам выведкі, ракетнаму ўзбраеньню. Як звычайна, экспанавалася мадэрнізаваная, у тым ліку савецкая, тэхніка. Вельмі шмат экспанатаў зьвязаныя з расейскім вайскова-прамысловым комплексам.
Шматлікія расьсьледаваньні беларускіх незалежных журналістаў ня раз паказвалі, што прадпрыемствы Беларусі перастройваюцца на выкананьне замоваў ад расейскіх прадпрыемстваў. На адкрыцьці выставы старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі Дзьмітры Пантус гэтага і не хаваў:
«Сёньня без прадукцыі Беларусі ня можа абысьціся Расея, выконваючы дзяржаўны абаронны заказ, і наадварот. Мы вельмі шырока выкарыстоўваем намэнклятуру дэталяў і вузлоў. На сёньняшні дзень мы робім гэта ў межах праграмаў вайскова-тэхнічнай супрацы».
Дзьмітры Пантус дадаў таксама, што ідзе «сур'ёзная праца ў афрыканскім рэгіёне, на паўднёвым усходзе Азіі, у Паўднёвай Амэрыцы». Што гэта абазначае на практыцы, у адказе дзяржаўнаму агенцтву БЕЛТА ён не ўдакладняў.
Акцэнт на супрацы з Расей падкрэсьліў дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч:
«Многія ўзоры, якія сёньня дэманструе Беларусь, выраблены сумесна з Расеяй. Гэта абсалютна аб’ектыўна, бо Беларусь і Расея стратэгічныя партнэры. У нас саюзная дзяржава. Мы разам выпрацоўваем кірунак аховы нашай абароннай прасторы».
Сярод прадстаўленых на MILEX вайсковых арганізацыяў з расейскага боку — дзяржаўная карпарацыя «Ростех», канцэрны «Уралвагонзавод» і «Алмаз-Антэй», група кампаніяў «Калашников» і «Бесьпілётныя сыстэмы», «Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя». Усе гэтыя кампаніі маюць дачыненьне да вайны Расеі супраць Украіны. Фактычна ўсе яны пад міжнароднымі санкцыямі Эўразьвязу, ЗША, Вялікай Брытаніі і шэрагу іншых краінаў сьвету. Тым ня менш афіцыйныя ўлады аБеларусі актыўна супрацоўнічаюць з гэтымі кампаніямі, а свой удзел у агрэсіі супраць Украіны адмаўляюць.
Чым хваліліся арганізатары выставы
Як заявілі арганізатары, на MILEX-2025 пакажуць 200 новых вырабаў, але на прэс-канфэрэнцыі Дзьмітры Пантус зьвярнуў увагу толькі на тры: зэнітна-ракетны комплекс «Бук-МБ2К», для якога стварылі першую беларускую зэнітную кіраваную ракету; бесьпілётны комплекс «Джульета»; бесьпілётны комплекс верталётнага тыпу SKY-TRUCK.
SKY-TRUCK ад беларускага канструктарскага бюро «Бесьпілётныя верталёты»
У першы дзень выставы арганізатары назвалі прэзэнтацыю гэтага апарату сюрпрызам. Бесьпілётнік массай 2,5 тоны можа пераносіць грузы да 500 кіляграмаў на заяўленую далёкасьць палёту да 360 кілямэтраў.
Незразумела, чаму менавіта гэты апарат быў на вайсковай выставе, бо яго асноўнае прызначэньне, паводле сайту распрацоўніка, — «кантэйнэрныя перавозкі» ў цяжкадаступныя месцы. Тут жа пазначана, што верталёт «комплексна вырашае пытаньне забесьпячэньня марскіх нафтагазавых плятформаў ува ўсіх кліматычных зонах».
Верталёт даволі грувасткі і не мае ніякай заяўленай абароны для ўмоваў сучаснага бою. Дзьмітры Пантус пракамэнтаваў, што машына «можа выкарыстоўвацца як у вайсковых, так і ў цывільных мэтах”. Але гэтага ніякім чынам не пацьвярджаюць словы галоўнага канструктара кампаніі «Бесьпілётныя верталёты» Ўладзімера Чудакова, які ні слова не сказаў пра вайсковае выкарыстаньне комплексу SKY-TRUCK:
«Трэба разумець, што вайна рана ці позна заканчваецца, таму трэба кудысьці арыентавацца ў мірным кірунку. Сёньня мы падпісалі кантракт з Расеяй на 20 верталётаў. Яны будуць ствараць эксплюатацыйную кампанію для дастаўкі грузаў. Таксама ёсьць перадкантракты яшчэ на 30 экзэмпляраў».
Праект бесьпілётнага комплексу «Джульета»
Бесьпілётны комплекс «Джульета» з магчымасьцю вэртыкальнага ўзьлёту і трыманьня ў паветры да 10 гадзін Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт назваў «рэвалюцыяй», а газэта адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня» — «сэнсацыяй году». Праўда, тлумачэньня, у чым менавіта палягае сэнсацыя, ніхто ня даў.
Як заявілі арганізатары выставы, комплекс зроблены для выкананьня задачаў пошуку і вызначэньня цэляў. Прагучала, што яго будуць рэалізоўваць пры спрыяньні кампаніі «Белтэхэкспарт», якая займаецца імпартам і экспартам тавараў вайскова-прамысловага комплексу.
Арганізатары выставы называюць комплекс «распрацоўкай зь вялікім экспартным патэнцыялам». Заяваў пра тое, што гэта беларускі выраб, на прэзэнтацыі не прагучала. Але, нягледзячы на гэта, газэта адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня» усё ж назвала «Джульету» беларускім бесьпілётнікам. На прапэлерах усіх рухавікоў бачная назва кітайскай кампаніі «Falcon Propeller». А сам бесьпілётнік вельмі нагадвае падобныя кітайскія ці расейскія распрацоўкі.
Бесьпілётны комплекс «Джульета» пакуль паказаны толькі ў тэставай вэрсіі, пра што заявіў Дзьмітры Пантус:
«Пасьля завяршэньня выставы гэтая навінка будзе адпраўлена на сур'ёзныя выпрабаваньні, каб праверыць яе адпаведнасьць трэндам, неабходным для такога кшталту вырабаў».
Лазэрная зброя ад беларускага навукова-тэхнічнага цэнтру «ЛЭМТ» холдынгу БелОМА
Цэнтар «ЛЭМТ» ня першы год займаецца лазэрнымі і цеплавізійнымі прыцэламі, а апошнімі гадамі праектуе сродкі лазэрнай барацьбы зь бесьпілётнікамі. Сёлета кампанія прадставіла баявыя мабільныя комплексы «Антыдрон» і «Шафран».
Навінкай стала лазэрная стрэльба, пра асаблівасьці якой не паведамляюць, як і пра пастаўкі такога абсталяваньня на патрэбы беларускай арміі.
Зэнітна-ракетны комплекс «Бук-МБ2К»
На выставе паказалі канчаткова дапрацаваны зэнітна-ракетны комплекс «Бук-МБ2» зь першай беларускай зэнітнай кіраванай ракетай 9М318.
Асноўнае яго прызначэньне — зьбіваць хуткія рухомыя цэлі, у тым ліку тактычныя балістычныя, крылатыя, авіяцыйныя ракеты, верталёты ва ўмовах інтэнсіўнага радыёэлектроннага процідзеяньня. Заяўленая зона паражэньня комплексу — да 70 кілямэтраў.
Бронетранспартэр Volat V-2 (МЗКТ - 690003-021)
Цалкам беларуская распрацоўка ад Менскага заводу колавых цягачоў, якая замяняе савецкія баявыя машыны для бясьпечнага транспартаваньня вайскоўцаў. Баявы модуль АДУНОК-БМ30.2 для бронетранспартэра распрацавала беларускае канструктарскае бюро «Дысплэй». Упершыню працоўную мадэль машыны паказалі ў Менску ў 2021 годзе.
Як заяўляе Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт, бронетранспартэр нядаўна прайшоў дзяржаўныя выпрабаваньні і прыняты на ўзбраеньне войскаў Беларусі. Павінна пачацца яго сэрыйная вытворчасьць.
Супрацькульная камізэлька ад Акадэміі навук Беларусі
Навукова-вытворчае прадпрыемства «Тэхнамаг», якое ўваходзіць у структуру Акадэміі навук Беларусі і з 1990-х гадоў спэцыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасьці абарончых сродкаў, уключаючы бронекамізэлькі і ахоўныя шчыты для беларускіх сілавікоў, паказала сваю «навінку» — супрацькульную камізэльку.
Вонкава яна выглядае не як вайсковы рыштунак, а як звычайная цывільная. Фактычна гэта бронекамізэлька скрытага нашэньня. Як заявілі распрацоўнікі, яна абараняе ад нажавых удараў, дробных аскепкаў і куляў пісталета Макарава.
Навінкі ад «Дзяржаўнага прадпрыемства № 4»
Адзін са стэндаў прэзэнтаваў прадукцыю Міністэрства ўнутраных справаў, а менавіта «Дзяржаўнага прадпрыемства № 4». Гэта фабрыка на тэрыторыі папраўчай калёніі ў Гомлі, дзе зьняволеныя, у тым ліку з палітычных матываў, жанчыны шыюць форму для беларускіх сілавікоў.
Бронекамізэлька ZoV ад беларускага «Полспо»
Бронекамізэлька з выразнай назвай ZoV, якая вельмі нагадвае расейскія сымбалі агрэсіі супраць Украіны, прадэманстравала на выставе полацкае прадпрыемства «Полспо», якое спэцыялізуецца на вырабе сродкаў індывідуальнай абароны для сілавікоў. Як кажа прадстаўнік кампаніі Аляксандар Скарадзёнак, бронекамізэлька ZoV — гэта гонар прадпрыемства, такія мадэлі ўжо выкарыстоўваюць сілавікі ў Беларусі.
Баявыя бесьпілётнікі
6 сакавіка 2025 году расейскія ўлады прапаноўвалі пабудаваць завод для вытворчасьці бесьпілётнікаў на тэрыторыі Беларусі. Так, з словаў намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Максіма Арэшкіна, яны прапанавалі Аляксандру Лукашэнку цягам году пабудаваць завод з магчымасьцю выпускаць да 100 тысяч бесьпілётнікаў у год.
Але выглядае, што да будаўніцтва такога заводу ўлады Беларусі яшчэ не прыступалі, бо старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Дзьмітры Пантус на прэс-канфэрэнцыі адказаў на пытаньне пра яго так:
«Пытаньне абмяркоўваецца насамрэч. Усе мы разумеем, што з кожнага цывільнага бесьпілётніка лёгка зрабіць бесьпілётнік баявога прызначэньня. Тэма абмяркоўваецца, распрацоўваецца. Думаю, усё будзе добра».
Што паказала Расея на MILEX-2025
Прадукты расейскай вайсковай прамысловасьці на выставе былі шырока прадстаўленыя, але пры гэтым, як відаць на афіцыйных фота падзеі, у Менск не прывезьлі ніводнай рэальнай баявой машыны. Як анансаваны расейскі экспартны танк Т-90МС, так і агнямётную сыстэму ТОС-1А «Санцапёк» паказалі ў «цацачных» памерах на стэндах.
Расейскія вытворцы ў прэзэнтацыях сваіх прадуктаў часта падкрэсьлівалі атрыманы на вайне ва Ўкраіне досьвед, а таксама паказвалі тэхніку, якая і цяпер ужываецца там. Так, падчас прэзэнтацыі свайго стэнду прэзыдэнт канцэрну «Калашников» Алан Лушнікаў адзначыў:
«Мы вязем у Беларусь галоўным чынам вырабы, выпрабаваныя у зоне спэцыяльнай вайсковай апэрацыі. У першую чаргу гэта бесьпілётнікі і стралецкая зброя. Мы пакажам найноўшую распрацоўку — дрон-камікадзэ КУБ-2 і КУБ-1 у спалучэньні з выведнікам СКАТ 350 М, які ўжо зарэкамэндаваў сябе. Адзначу, што камбінацыя КУБаў і СКАТаў прадэманстравала вялікую эфэктыўнасьць у баявых дзеяньнях у зоне правядзеньня спэцыяльнай вайсковай апэрацыі і ў памежных рэгіёнах».
На выставе быў стэнд расейскага прадпрыемства «Киловатт», якое ўтварылася як валянтэрская арганізацыя дапамогі расейскім вайскоўцам падчас поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.
Цяпер прадпрыемства робіць для іх сыстэмы абароны ад бесьпілётнікаў. Адзін з экспанатаў, які «Киловатт» прывёз на MILEX у Менск, — станцыя радыёэлектроннай барацьбы «Штора». Прылада ўся ў драпінах і з нанесенымі чырвонай фарбай зорачкамі ёй. Выканаўчая дырэктарка прадпрыемства Жанна Хайрэдзінава пахвалілася, што выпрабоўвалі тэхніку на вайне ва Ўкраіне, а чырвоныя зорачкі нанесьлі расейскія салдаты адпаведна колькасьці зьбітых украінскіх бесьпілётнікаў.
У менскай выставе ўдзельнічае таксама расейская кампанія Zаla Aero, якая спэцыялізуецца на распрацоўцы бесьпілётных авіяцыйных комплексаў. Яна найперш вядомая ўдарнымі дронамі «Ланцэт», якія таксама выкарыстоўваюць на вайне ва Ўкраіне. Напрыклад, 22 траўня «Ланцэт» нанёс удар па вёсцы Райгарадак Данецкай вобласьці Ўкраіны. Як паведаміла абласная пракуратура, ад яго загінула 51-гадовая прадавачка кіёску, а 39-гадовы жыхар, які гандляваў на рынку, з раненьнямі ад выбуху трапіў у лякарню.
Як паведамляе прэс-служба кампаніі Zаla Aero, «Ланцэтамі» зацікавіліся прадстаўнікі ўнутраных войскаў Беларусі. 21 траўня на тэрыторыі вайсковай часткі Расгвардыі ў Жалезнаводзку яны ўдзельнічалі ў вучэньнях разам са спэцпадразьдзеламі з Кіргізіі.
Кантракты і пагадненьні
Як заявіў старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Дзьмітры Пантус, у першы дзень выставы MILEX-2025 былі падпісаныя кантракты на 40 мільёнаў даляраў. Што гэта за кантракты, падрабязнасьцяў ён не прывёў. Але сума ў паўтара раза меншая, чым на MILEX у 2023 годзе. Тады, з словаў таго ж Пантуса, за першы дзень удалося падпісаць кантракты на 60 мільёнаў даляраў.
У афіцыйных публікацыях можна пабачыць пералік сустрэчаў і заяўленых вынікаў перамоваў. Прывядзем некалькі. Напрыклад, з «Уралвагонзаводам» быў «падпісаны шэраг узаемавыгадных кантрактаў на пастаўку, рамонт і абслугоўваньне прадукцыі вайсковага прызначэньня для патрэбаў Узброеных сілаў». Дэталі кантрактаў зноў жа не раскрываюцца.
Між Узброенымі сіламі Беларусі і „Імпэратарскім Тульскім збройным заводам“ заключаны кантракт на пастаўку боепрыпасаў.
Дзьмітры Пантус сустракаўся з намесьнікам генэральнага дырэктара «Аб’яднанай авіябудаўнічай кампаніі», найбуйнейшага самалётабудаўнічага холдынгу Расеі, які аб’ядноўвае такія расейскія авіяцыйныя брэнды, як «Сухой», МіГ і «Тупалеў». Карпарацыя ўваходзіць у дзяржаўную структуру «Ростех» і адказвае за распрацоўку, вытворчасьць і мадэрнізацыю як вайсковай, так і цывільнай авіяцыі краіны. У прэс-рэлізе «Аб’яднанай авіябудаўнічай кампаніі» адзначаецца:
«Пройдзе шэраг перамоваў з прадпрыемствамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку аб пашырэньні прамысловай каапэрацыі ў вырабе Ту-214, МС-21. Працягваем працу паводле дзейных кантрактаў. Беларускія партнэры нам даўно вядомыя, мы зь імі добра працуем, нарошчваем аб'ёмы ў рамках узаемавыгаднай супрацы».
Дзмітры Пантус сустрэўся таксама зь міністрам абароннай прамысловасьці Азэрбайджану Вугарам Мустафаевым:
«У ходзе перагавораў бакі абмеркавалі пэрспэктыўныя кірункі двухбаковай узаемавыгаднай супрацы, а таксама пытаньні арганізацыі сумесных вытворчасьцяў».
Выстава працягнецца да 24 траўня.
Форум