Прэзэнтацыю дасьледаваньня правёў 23 траўня кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» Chatham House, сацыёляг Рыгор Астапеня.
Акрамя Астапені, аўтарам дасьледаваньня зьяўляецца былы беларускі дыплямат Павал Мацукевіч. Паводле іх ацэнак, найбольшыя шанцы ўзначаліць Беларусь маюць «прадстаўнікі цяперашняй кіроўнай клясы».
Згодна з высновамі дасьледаваньня, транзыт улады можа адбыцца па двух сцэнарах.
«Плянавым, кіраваным транзытам улады ў Беларусі можна назваць перадачу ўлады, ініцыяваную пэрсанальна Лукашэнкам», яна адбудзецца «пад яго кантролем ва ўмовах, калі Лукашэнка яшчэ будзе дастаткова моцны», адзначаюць экспэрты.
Пры гэтым пераемнікам «можа стаць нехта зь ліку ляяльных чыноўнікаў, сілавікоў або членаў сям’і», а перадача ўлады «будзе ажыцьцёўлена з захаваньнем уплыву Лукашэнкі праз Усебеларускі народны сход або іншыя структуры», задача кіроўнай клясы «будзе ў паступовым перападпарадкаваньні новаму кіраўніку», гаворыцца ў рабоце.
«Некантраляваны транзыт улады» — гэта сцэнар, пры якім «зьмена рэжыму адбываецца незалежна ад волі Лукашэнкі ў сувязі зь немагчымасьцю ажыцьцяўляць эфэктыўны кантроль над дзяржавай», падкрэсьліваюць дасьледнікі.
«Тут можа быць мноства прычынаў: праблемы са здароўем, сьмерць, палітычны крызіс, умяшаньне Расеі, адхіленьне Лукашэнкі ад улады і гэтак далей. У гэтым сцэнары дыяпазон магчымых дзеяньняў кіроўнай клясы становіцца надзвычай шырокім», — лічаць экспэрты.
Першы сцэнар, на думку аўтараў, «можа здацца больш лягічным», але, «улічваючы пэрсаналісцкі характар рэжыму Лукашэнкі, цалкам магчыма, што ў выніку сыстэма пойдзе па другім шляху».
Лукашэнка, мяркуюць Астапеня і Мацукевіч, «не баіцца амаладжэньня кадраў, хоць гэта і стварае ўзроставую дыстанцыю паміж ім і яго элітамі», дзякуючы курсу на амаладжэньне «ўнутры рэжыму [цяпер] дастаткова патэнцыйных пераемнікаў, і, нягледзячы на адмоўную кадравую сэлекцыю, частка зь іх кампэтэнтная для кіраваньня дзяржавай».
Дасьледнікі прааналізавалі 211 асобаў ва ўрадзе, адміністрацыі Лукашэнкі, міністэрствах, дзяржкамітэтах, Нацыянальным банку, абласных і ключавых гарадзкіх выканкамах, ЦВК, Апэратыўна-аналітычным цэнтры, Службе бясьпекі прэзыдэнта, пракуратуры, Нацыянальным алімпійскім камітэце, Прэзыдэнцкім спартовым клюбе, дзяржаўных СМІ, Савеце бясьпекі, на буйных дзяржаўных прадпрыемствах і канцэрнах, у буйным бізнэсе і інш.
Згодна з атрыманымі данымі, мужчыны дамінуюць у палітычнай сыстэме Беларусі, жанчыны «ў кіраўнічым складзе рэспубліканскай і мясцовай вэртыкалі ўлады рэдкія». Сярэдні ўзрост «кіроўнай клясы» — каля 50 гадоў, «хоць яшчэ дзесяцігодзьдзе таму ён быў вышэйшы». У сыстэме засталіся адзінкі, якія ўваходзілі ў кола Лукашэнкі ў часы, калі ён прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, адзначаюць аўтары.
У дасьледаваньні вылучаныя пяць кіроўных колаў: «сям’я», «адміністрацыйная вэртыкаль», «эканамічныя тэхнакраты», «сілавікі» і «бізнэс».
«Сям’я» — гэта дзеці, сваякі і сябры Лукашэнкі. Яны, на думку экспэртаў, «уплываюць на кіраваньне краінай і бізнэс-працэсы». У кантэксьце транзыту ўлады гэтыя людзі «зацікаўленыя ў атрыманьні гарантый бясьпекі і захаваньні ўплыву». Нягледзячы на чуткі пра канфлікт Віктара Лукашэнкі з бацькам, яго, паводле ацэнкі дасьледнікаў, варта разглядаць як патэнцыйнага пераемніка.
У «адміністрацыйнай вэртыкалі» асаблівае месца займае «сьвіта» — людзі, што фармуюць непасрэднае атачэньне Лукашэнкі і ўплываюць на яго графік сустрэчаў і інфармацыйнае поле. Многія прадстаўнікі «адміністрацыйнай вэртыкалі» ня супраць транзыту ўлады, з другога боку, яны «асьцерагаюцца яго наступстваў».
Хоць Лукашэнка ставіцца да «эканамічных тэхнакратаў» зь недаверам, многія зь іх даказалі яму сваю ляяльнасьць. Тэхнакраты «зацікаўленыя ня столькі ў захаваньні сыстэмы як такой, колькі ў яе прадказальнасьці» і адкрытыя «для трансфармацыі пры ўмове захаваньня свайго статусу <…> і выступаюць за нармалізацыю адносінаў з Захадам пры адначасовым падтрыманьні сувязяў з Расеяй».
«Сыстэма сілавых ведамстваў Беларусі ўяўляе сабой „шматгаловую гідру“, часткі якой знаходзяцца ў пастаяннай канкурэнцыі. Пасьля 2020 году роля сілавікоў узрасла, хоць яны і раней мелі перавагу: гэта яны кантралююць чыноўнікаў, а не наадварот. Сілавікі зацікаўленыя ў захаваньні статус-кво, у тым ліку пасьля сыходу Лукашэнкі. У выпадку зьмены кіраўніцтва яны, верагодна, будуць саюзьнікамі новай улады, калі яна будзе паходзіць з сыстэмы, а не самастойна прэтэндаваць на ўладу», — гаворыцца ў рабоце.
«Буйны дзяржаўны і калядзяржаўны бізнэс увасабляе разнародную групу, якая залежыць ад Расеі як асноўнага рынку і хоча нармалізацыі адносінаў з Захадам для атрыманьня крэдытаў і тэхналёгій», — адзначаюць аўтары. Сёньня, на іх думку, роля «эканамічных актараў у палітычнай сыстэме абмежаваная», але «ў выпадку трансфармацыі рэжыму бізнэс можа стаць палітычным гульцом».
У выніку транзыту сыстэма Лукашэнкі «можа захавацца безь яго», падагульняюць аўтары.
«Існуе даволі моцны дзяржаўны апарат, зацікаўлены ва ўтрыманьні сыстэмы. Пры гэтым разнароднасьць элітных групаў можа прывесьці да таго, што ў новай сытуацыі яны ня будуць адчуваць абавязкаў трымацца адна за адну, асабліва ў пошуках новай легітымнасьці — ці то ад грамадзтва, ці то ўнутраных вызначальных сілаў, ці то ад Расеі», — заяўляецца ў дасьледаваньні.
Аўтары падкрэсьлілі, што больш праўдападобнымі прэтэндэнтамі на ўладу зьяўляюцца прадстаўнікі «сям’і», «адміністрацыйнай вэртыкалі» і «эканамічных тэхнакратаў». Роля «сілавікоў», нягледзячы на іх уплыў, «найверагодней, будзе дапаможнай з-за адсутнасьці досьведу кіраваньня».
Форум