«Там няма чаго ўзломваць». Стваральнік «Новай Беларусі» адпрэчыў заяву пра выцек зьвестак карыстальнікаў

Павал Лібер, архіўнае фота

Раніцай 19 траўня блогер Сяргей Пятрухін апублікаваў відэа, у якім юнак Аляксей Бурбіцкі заявіў пра выцек базы дадзеных карыстальнікаў плятформы «Новая Беларусь».

У камэнтарах пад сваім відэа Пятрухін напісаў, што проста даў пляцоўку для выказваньня «нібыта былому супрацоўніку» «Новай Беларусі».

Аляксей Бурбіцкі сьцьвярджае, што з 2024 году працаваў у праграме Паўла Лібера «Новая Беларусь».

Павал Лібер заявіў «Зеркалу», што Бурбіцкі ніколі ў камандзе праекту не працаваў: «Мы пра ягонае існаваньне ў прынцыпе даведаліся ў красавіку».

Бурбіцкі: «На пачатку 2025-га плятформа „Новая Беларусь“ была ўзламаная».

Лібер: «Там няма чаго ўзломваць. У нас праграма не зьбірае дадзеных, толькі e-mail, і тыя мы просім ананімізаваць».

У студзені Павал Лібер казаў у інтэрвію BG.media, што на плятформе «Новая Беларусь» каля 75 тысяч карыстальнікаў.

У лютым плятформа «Новая Беларусь» аб’явіла пра зьмену назвы на Svae. Лібер патлумачыў гэта перагружанасьцю плятформы. Паводле Бурбіцкага, гэта нібыта было зроблена, каб схаваць факт узлому.

Тэму ўзлому адразу ж падхапілі прапагандысцкія тэлеграм-каналы з рыторыкай зларадзтва і пагрозамі апанэнтам рэжыму.

«Адзіная функцыя такога ўкіду — выклікаць узаемныя абвінавачаньні і падарваць рэпутацыю праектаў», — сказаў Павал Лібер «Эўрарадыё» і заклікаў прадэмакратычныя арганізацыі «быць удвая больш асьцярожнымі».

З 2023 году «Новая Беларусь» унесена ў сьпіс экстрэмісцкіх рэсурсаў у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лібер пра «Новую Беларусь»: «Наша задача — пабудаваць грамадзянскую супольнасьць у лічбавай прасторы, бо іншай сёньня няма»