Інстытут вывучэньня вайны ацаніў расейскія заявы пра незаконнасьць распаду СССР і як яны ўплываюць на Беларусь і Ўкраіну

Ніны Астаніна, кіраўніцы камітэта Дзяржаўнай Думы Расеі па абароне сям’і, бацькоўства, мацярынства і дзяцінства, выступіла з чарговай сзаявай аб рэанімацыі СССР

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) раней падрыхтавалі даклад «Ціхае заваяваньне Расеі: Беларусь».

Расейскі ўрад аднаўляе сваю даўнюю пазыцыю, у якой не прызнае законнасьці распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе, што, верагодна, прывядзе да адмаўленьня сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны і Беларусі ў будучыні, гаворыцца ў дакладзе Амэрыканскага інстытута па вывучэньні вайны.

ISW зьвярнуў увагу на заяву Ніны Астанінай, кіраўніцы камітэта Дзяржаўнай Думы Расеі па абароне сям’і, бацькоўства, мацярынства і дзяцінства, чальца Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі РФ, якая 22 траўня сказала, што дэпутаты Думы гатовыя ўзьняць пытаньне аб нібыта незаконнасьці распаду Савецкага Саюза.

Астаніна сьцьвярджала, што распад Савецкага Саюза нібыта быў незаконным, бо «ніхто не даваў паўнамоцтваў» тагачаснаму старшыні парлямэнта Беларусі Станіславу Шушкевічу, тагачаснаму прэзыдэнту РСФСР Барысу Ельцыну і тагачаснаму прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку падпісаць Белавескія пагадненьні ў снежні 1991 года – міжнародна прызнаны дакумэнт, у якім савецкія рэспублікі Ўкраіна, Расея і Беларусь пагадзіліся распусьціць Савецкі Саюз

Астаніна пагадзілася з заявай дарадцы прэзыдэнта Расіі Антона Кабякова ад 21 траўня пра тое, што заснавальніцкі орган Савецкага Саюза ня ўдзельнічаў у распадзе Савецкага Саюза, і таму ён усё яшчэ юрыдычна існуе.

«Расейскія ўлады пэрыядычна аднаўляюць ілжывыя наратывы пра незаконнасьць распаду Савецкага Саюза і заклікі да яго аднаўленьня прынамсі з 2014 года, а таксама прасоўвалі гэтыя інфармацыйныя намаганьні ў 2021 і 2023 гадах. Крэмль прыкладае стратэгічныя намаганьні для фактычнай анэксіі Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі і пасьлядоўна адмаўляе сувэрэнітэт Украіны», — гаворыцца ў дакладзе ISW.

Аналітыкі адзначаюць, што Крэмль можа даць указаньні чыноўнікам ніжэйшага ўзроўню зноў увесьці ў расейскую інфармацыйную прастору наратыў пра нібыта незаконны распад Савецкага Саюза, каб стварыць умовы для таго, каб Крэмль у будучыні адклікаў прызнаньне Ўкраіны і Беларусі як незалежных дзяржаў і заклікаў да стварэньня абʼяднанай расейскай, беларускай і украінскай дзяржавы.

Адначасова ISW адзначыла, што расейскія чыноўнікі не адрэагавалі на папярэднія заклікі да аднаўленьня Савецкага Саюза, «і апошняя вэрсія гэтай інфармацыйнай кампаніі таксама наўрад ці будзе мець якія-небудзь кароткатэрміновыя наступствы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Як ідзе ціхая анэксія Беларусі Расеяй. Тлумачыць аўтар амэрыканскага дакладу

ISW пра пагрозу анэксіі Беларусі Расеяй

У судзені 2025 году амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) падрыхтаваў даклад «Ціхае заваяваньне Расеі: Беларусь», у якім аналізуюць пагрозы гэтага палітычнага працэсу для ЗША, NATO і Ўкраіны.

Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Крэмль знаходзіцца ў фінале стратэгічных намаганьняў, якія адбываліся цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў, дэ-факта анэксаваць Беларусь, а гэта павялічыць вайсковыя і эканамічныя магчымасьці Расеі для дасягненьня яе рэваншысцкіх геапалітычных мэтаў супраць ЗША і NATO.

«Намаганьні Масквы дэ-факта анэксаваць Беларусь праз саюзную дзяржаву, хоць і не завершаныя, ужо дасягнулі значных посьпехаў, што патрабуе ад NATO пераацэнкі наступстваў узмацненьня кантролю Расеі над Беларусьсю, а таксама патэнцыялу і рэсурсаў, якія Расея можа выкарыстоўваць супраць ЗША, NATO і Ўкраіны», — адзначаецца ў дакладзе.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што Беларусь — ня проста хаўрусьнік Расеі.

«Крэмль ператварае Беларусь у стратэгічны фактар, які дазваляе Расеі праецыраваць уладу ва ўсім сьвеце. Крэмль будзе выкарыстоўваць свае нядаўнія, але глыбока ўкаранёныя дасягненьні ў Беларусі, каб кампэнсаваць выдаткі ад працяглай вайны супраць Украіны, паскорыць аднаўленьне Расеі пасьля вайны і дапамагчы ёй падрыхтавацца да будучых войнаў хутчэй, чым Расея магла б зрабіць гэта самастойна. Палітыкі павінны пачаць плянаваць будучыню, у якой Беларусь будзе не толькі паняволенай нацыяй, але і фактычна працягам Расейскай Фэдэрацыі», — адзначаецца ў дакладзе ISW.

Паводле экспэртаў, Крэмль імкнецца дэ-факта анэксаваць Беларусь, фармалізуючы саюзную дзяржаву як фэдэратыўную ўладу пад дамінаваньнем Расеі. У справаздачы ISW разглядаюць тры асноўныя напрамкі дзеяньняў Крамля датычна Беларусі — інтэграцыя ў вайсковай, палітычнай і эканамічнай сфэрах.

Згодна з дакумэнтам, хоць фактычная анэксія Беларусі яшчэ не завершаная, але яна знаходзіцца на прасунутай стадыі і ўжо дасягнула этапаў, якія ствараюць пагрозу бясьпецы для Злучаных Штатаў, NATO і Ўкраіны, а таксама пагрозу існаваньню Беларусі як суверэннай дзяржавы.

Раней экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны неаднаразова з 2020 году канстатавалі ў сваіх справаздачах, што Аляксандар Лукашэнка працягвае супраціўляцца спробам Крамля інтэграваць Беларусь у межах «саюзнай дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі дыплямат: Беларуская стратэгія выжываньня можа аказацца больш эфэктыўнай, чым паўстаньні ці рэвалюцыі

Што такое «саюзная дзяржава»

Аляксандар Лукашэнка ў сярэдзіне 1990-х пачаў прасоўваць ідэю так званай «саюзнай дзяржавы», калі Расею ачольваў Барыс Ельцын, якога ў Расеі на той момант лічылі слабым прэзыдэнтам. Шмат СМІ пісалі, што Лукашэнка зьбіраўся на яе падмурку «стаць гаспадаром маскоўскага Крамля».

2 красавіка 1996 году Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі пагадненьне «аб стварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі», якое праз год трансфармавалі ў пагадненьне аб саюзе Беларусі і Расеі, а 8 сьнежня 1999 году падпісалі ўжо пагадненьне аб стварэньні саюзнай дзяржавы.

Пасьля гэтага некалькі краін заяўлялі аб сваім намеры далучыцца да гэтага саюзу: Малдова ў 2001 годзе, калі прыэздэнтам быў Уладзімір Варонін, у 1999-м прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошэвіч, у Кыргістане апазыцыя ў 2007 годзе спрабавала ініцыяваць рэфэрэндум аб далучэньні да саюзнай дзяржавы.

У траўні 2023-га Лукашэнка прапанаваў Казахстану далучыцца да гэтай арганізацыі, каб мець ядзерную зброю. Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што «па заслугах» ацаніў жарт Лукашэнкі і сказаў, што ягонай краіне ядзерная зброя не патрэбная.

21 лютага 2024 году кіраўнік непрызнанай Абхазіі Аслан Бжанія заявіў аб гатоўнасьці ўступіць у саюзную дзяржаву, але ўжо ў сьнежні таго ж году гэты палітык вымушаны быў сысьці ў адстаўку пад ціскам апанэнтаў якраз за намеры павялічыць у рэгіёне ўплыў Расеі пры дапамозе інвэстыцыйнага пагадненьня.

У так званай «саюзнай дзяржаве» створаныя саюзны парлямэнт, Савет Міністраў, Вышэйшы дзяржаўны савет.

У 2020 годзе размовы пра інтэграцыю дзьвюх краін адышлі на другі плян на тле палітычнага крызісу ў Беларусі і масавых пратэстаў супраць дзейнай улады. Да інтэграцыйных размоў вярнуліся ў 2021 годзе: ужо ў верасьні апублікавалі і падпісалі ўсе 28 «дарожных мапаў» інтэграцыі.

Сярод іншага, у «дарожных мапах» прапісваліся канкрэтныя крокі, якія патрабавалі зьмены беларускага заканадаўства, а менавіта:

• Інтэграцыя плацежных сыстэмаў,
• Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў, што да адсочвальнасьці тавараў,
• Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў маркіроўкі тавараў,
• Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў транспартнага кантролю дзяржаўных кантрольных органаў,
• Фармаваньне аб’яднаных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў,
• Фармаваньне аб’яднанага рынку электрычнай энэргіі,
• Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі,
• Уніфікацыя заканадаўства ў сфэры турысцкай дзейнасьці.

Пасьля падтрыманага ўладай Беларусі расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Расея актывізавала «саюзныя дамоўленасьці», найперш, у вайсковай сфэры — у 2022 годзе на беларускай тэрыторыі пачалі фарміраваць Рэгіянальную групоўку войскаў, а з 2023 году пачалі рэалізоўваць пляны аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусі ня ўдасца пазбавіцца ад уплыву Расеі, магчыма, ніколі»,— палітоляг Аляксандар Марозаў