На пэтыцыю супраць уезду 150 тысяч пакістанцаў у Беларусь МУС адказаў за тры дні

Ілюстрацыйнае фота

Паводле інфармацыі з сайту Petitions.pro, пэтыцыя была адпраўлена 17 траўня, а ўжо 21 траўня МУС Беларусі дало адказ.

У гэты ж дзень Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ пра «падвышэньне ролі наймальнікаў у галіне зьнешняй працоўнай міграцыі».

Нягледзячы на назву, пэтыцыя зьмяшчала не пратэст супраць прыезду 150 тысяч працоўных мігрантаў, а заканадаўчыя прапановы па больш строгім кантролі за гэтым працэсам, напісаныя юрыдычнай мовай.

МУС падзякавала за іх аўтару пэтыцыі і паабяцала разгледзець іх на пасяджэньні адмыслова створанай групы, якая займаецца пытаньнямі працоўнай міграцыі.

Некаторыя прапановы аўтара пэтыцыі супалі з захадамі, ужо прынятымі ва ўказе ад 21 траўня.

Як і прапаноўваў аўтар, працадаўцаў абавязалі займацца «кватэрным пытаньнем» нанятых мігрантаў і «сачыць за тым, каб запрошаныя работнікі не парушалі правілы».

Будуць мігранты і здаваць тэсты на веданьне адной зь дзяржаўных моваў, калі гэтага вымагае іхная прафэсія.

Таксама Лукашэнка ва ўнісон з аўтарам звароту прыгразіў мігрантам высылкай пры парушэньні закону і правілаў знаходжаньня ў Беларусі.

З прапаноў аўтара засталася нерэалізаванай хіба што камэнданцкая гадзіна.

Але паводле адказу МУС Беларусі, адпаведнае заканадаўства яшчэ будзе ўдасканальвацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абавязаў наймальнікаў адказваць за работнікаў-мігрантаў

У красавіку ў Беларусі шукалі больш за 200 тысяч працаўнікоў. У тым жа месяцы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы прыняць на працу ў Беларусі да 150 тысяч пакістанцаў і «стварыць ім неабходныя ўмовы для працы».

Навіна выклікала ў беларусаў значны рэзананс, людзі выказаліся пра яе крытычна ў сацыяльных сетках. Пазьней сілавікі затрымалі прынамсі некалькіх чалавек, іх змусілі запісаць так званыя «пакаяльныя» відэа з прабачэньнямі за свае выказваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж талерантнасьцю і ксэнафобіяй. Гісторык і псыхоляг тлумачаць, чаму беларусаў абурыла навіна пра 150 тысяч пакістанцаў