Вярнуцца да прапановы аб увядзеньні крымінальнай адказнасьці за дэзынфармацыю і сабатаж прапанаваў у эфіры радыёстанцыі Žinių Radijas дырэктар Дэпартамэнта дзяржаўнай бясьпекі Літвы (ДДБ) Рэмігіюс Брыдзікіс.
Як паведамляе партал Lrt.lt, кіраўнік ДДБ заявіў аб неабходнасьці «перагледзець прававую базу».
«Гэтыя ўзьнікаючыя пагрозы, напружанасьць, якая расьце, і мэты варожых дзяржаў не зьнікаюць — яны становяцца больш складанымі», — сказаў Брыдзікіс.
У публікацыі гаворыцца, што з ініцыятывай увядзеньня такой адказнасьці літоўскія спэцслужбы выступалі ў 2016 годзе.
«Галоўная тэза, якую мы тады выказалі, заключалася ў тым, што нам неабходна шукаць спосабы крыміналізацыі падрыўной дзейнасьці», — падкрэсьліў дырэктар Дэпартамэнта дзяржаўнай бясьпекі Літвы.
Паводле яго слоў, падрыўной дзейнасьцю можа лічыцца «распаўсюджваньне дэзынфармацыі, арганізацыя сабатажу і аказаньне дапамогі варожай дзяржаве ў дзеяньнях супраць Літвы».
Брыдзікіс ня стаў наўпрост камэнтаваць дзеяньні экс-кандыдата ў прэзыдэнты Эдуардаса Вайткуса, які нядаўна наведаў Беларусь, але заявіў, што Масква і Менск «эксплуатавалі і будуць эксплуатаваць асоб, якія выступаюць супраць Літвы і дэмакратычных каштоўнасьцяў, якія яна адстойвае».
Раней паліцыя Віленскай акругі пачала расьсьледаваньне ў сувязі з заявамі былога кандыдата ў прэзыдэнты Літвы Эдуардаса Вайткуса ў Менску. Яму пагражае ад 2 да 7 гадоў за дапамогу іншай краіне ў дзеяньнях супраць Літоўскай Рэспублікі.
12 траўня ў Менску Вайткус заявіў, што ў Літвы няма легітымнага прэзыдэнта, бо падчас прэзыдэнцкіх выбараў было шмат парушэньняў.
Ён таксама раскрытыкаваў улады Літвы, якія, на ягоную думку, вядуць краіну «шляхам зьнішчэньня і літоўцаў, і дзяржаўнасьці». І заявіў, што на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах быў адзіным кандыдатам, які выступаў супраць вайны з Расеяй.
На думку Вайткуса, улады Літвы дазваляюць сабе грубыя ўмяшаньні ў справы беларускай дзяржавы, што цалкам недапушчальна, пісала БЕЛТА.
14 траўня генэральны пракурор Літвы Ніда Грунскене даручыла паліцыі пачаць высьвятленьне фактычных абставін заяваў былога кандыдата ў прэзыдэнты Літвы Эдуардаса Вайткуса, зробленых у Менску, паведаміла BNS.
Хто такі Эдуардас Вайткус
Літоўскі доктар і палітык Эдуардас Вайткус на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году ў Літве набраў 7,3% галасоў. Гэта быў пяты вынік сярод васьмі кандыдатаў. Прычым у блізкіх да беларускай мяжы Салечніках і Вісагінасе за яго прагаласавала бальшыня тых, хто прыйшоў на выбары.
Улётка Эдуардаса Вайткуса
Раней у тым жа годзе Вайткус ачоліў сьпіс Літоўскай народнай партыі на парлямэнцкіх выбарах, але партыя не пераадолела выбарчага бар’еру, набраўшы 2,6%.
У 2023 годзе Эдуардас Вайткус заявіў у інтэрвію Elta, што «высылка зь Літвы беларускай жанчыны, якая заявіла пра намер сілай зрынуць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, стала б знакам добрасуседзтва і дэманстрацыяй канца палітыкі ўмяшаньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кандыдат у прэзыдэнты Літвы, які заклікаў да выправаджэньня Ціханоўскай, наведаў Менск