Двух хлопцаў з Чачэрску адправілі ў калёнію за «зьдзек» з чырвона-зялёнага сьцяга

Дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг. Ілюстрацыйнае фота

У Чачэрску на Гомельшчыне правялі паказальны выязны суд над двума юнакамі за «зьдзек з дзяржаўнай сымболікі».

Месцам правядзеньня суду абралі мясцовы тэхнічны каледж, піша выданьне «Флагшток».

Паведамляюць, што ў адзін з вечароў абвінавачаныя ў стане алькагольнага ап’яненьня праходзілі каля адміністрацыйнага будынку дзіцяча-юнацкай спартовай школы і зьвярнулі ўвагу на дзяржаўны сьцяг на фасадзе будынку.

«Хлопцы вырвалі яго разам з мэталічным мацаваньнем і, размахваючы, рушылі ў бок шматпавярховіку на вуліцы Гагарына. Падчас руху сарвалі мацаваньне і абламалі драўлянае дрэўка, пасьля чаго выкінулі паламаныя дэталі на прысядзібны ўчастак домаўладаньня побач», — піша мясцовая раённая газэта «Чачэрскі веснік».

Хлопцаў асудзілі на год калёніі агульнага рэжыму. Навучэнцам жа каледжу прачыталі лекцыю пра «неабходнасьць паважлівага стаўленьня да дзяржаўных сымбаляў».

Вырак суду ў сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі іншаземца за сарваныя дзяржаўныя сьцягі асудзілі на 3 гады калёніі