Суд у Пецярбургу пакараў 84-гадовую жыхарку, якая перанесла нацыстоўскую блякаду горада, за антываенны пікет

Людміла Васільева

Суд у Санкт-Пецярбургу аштрафаваў 84-гадовую жыхарку Людмілу Васільеву за антываенны пікет па артыкуле аб дыскрэдытацыі расейскага войска.

Пра гэта паведамляе мясцовае выданьне «Ратонда». Падтрымаць Васільеву прыйшлі каля 50 чалавек, чарга ў суд пачыналася з вуліцы, але нікога зь іх не пусьцілі, гаворыцца ў публікацыі.

Людміла Васільева перажыла ў горадзе блякаду падчас Другой сусьветнай вайны. Яна адна з заснавальніц руху «Эўрапейскі Пецярбург». У 2024 годзе пэнсыянэрка заяўляла аб жаданьні ўдзельнічаць у выбарах губэрнатара горада, пазыцыянуючы сябе як кандыдата за мір.

«Эўрапейскі Пецярбург» на мінулым тыдні расейскія ўлады прызналі так званым замежным агентам.

Аштрафавалі Васільеву за адзіночны пікет 24 лютага, у трэцюю гадавіну пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Яна стаяла з плякатам «Людзі! Спынім вайну! Мы адказныя за мір на плянэце Зямля».

Супрацоўнікаў паліцыі, якія папрасілі яе сысьці, Васільева заклікала не выконваць злачынныя загады, паведамляе рэдакцыя праекта Радыё Свабода «Север.Реалии».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі суд пакараў дзяўчыну турмой за верш Тараса Шаўчэнкі «Запавет»