11 кастрычніка падчас суду над расейскім гісторыкам Пятром Рабавым быў затрыманы праваабаронца Аляксандар Вайцешык. Яго будуць судзіць 12 кастрычніка.
Аляксандра Вайцешыка даставілі ў гарадзкі аддзел унутраных спраў, дзе на яго склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях — па арт. 24.1 «Непавага да суду» і 23.4 «Непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні службовых абавязкаў».
Пятра Рабава суд у Баранавічах прызнаў вінаватым у адміністрацыйным правапарушэньні і накіраваў на шэсьць сутак арышту.
Праваабаронца Сяргей Гоўша сказаў карэспандэнту Свабоды, што Вайцешыка затрымалі ў перапынку суду над гісторыкам Рабавым. Гэтую ноч ён правядзе ў ізалятары.
«Перапынак у судзе быў, і нешта міліцыянту не спадабалася, заламалі рукі — і ў машыну. Беззаконьне поўнае. Якая там была абраза, калі быў перапынак у судзе?!» — сказаў Сяргей Гоўша.
Паводле праваабаронцы, гісторыка Пятра Рабава суд арыштаваў на шэсьць сутак нібыта за адмініcтрацыйныя правапарушэньні — дробнае хуліганства (лаянка матам) і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць. Рабаў на знак пратэсту абвясьціў галадоўку.
Пётар Рабаў плянаваў выступіць у Баранавічах зь лекцыяй «Неаўтарытарныя левыя ў рэвалюцыі 1917―1921 гг.».
Напярэдадні ягоную лекцыю ў Горадні сарвалі амапаўцы.