Мінабароны Расеі паведаміла, што дадому вярнуліся 307 расейскіх вайскоўцаў. Украіне перадалі 307 ваеннапалонных. Па зьвестках ведамства, зараз расейскія вайскоўцы знаходзяцца ў Беларусі, дзе яны праходзяць мэдагляд.
Тое, што адбыўся другі этап абмену, пацьвердзіў таксама прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Яшчэ 307 украінскіх абаронцаў знаходзяцца дома. Сёньня другі дзень абмену „1000 на 1000“, пра які дамовіліся ў Турцыі. Толькі за гэтыя два дні ўжо вярнулі 697 чалавек. Чакаем працягу заўтра», — напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Ён паведаміў, што сярод тых, хто вярнуўся сёньня, — вайскоўцы УСУ, Дзяржаўнай памежнай службы і Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
Украінская служба Радыё Свабода паведамляе, што падчас сёньняшняга абмену ва Ўкраіну вяртаюцца 27 абаронцаў Марыюпалю.
23 траўня прайшоў першы этап абмену па формуле «1000 на 1000». Дадому вярнуліся 390 украінцаў і 390 расейцаў. У ліку апошніх — адзін беларус.
Украіна і Расея дамовіліся аб абмене палоннымі ў прапорцыі 1000 на 1000 пасьля перамоваў паміж дэлегацыямі абедзьвюх краін у Стамбуле 16 траўня.
Абмен, абвешчаны тады на «бліжэйшую будучыню», паводле прадстаўнікоў украінскай дэлегацыі на перамовах, можа стаць найбуйнейшым у гісторыі вайны Расеі супраць Украіны.
Форум