Журавіны ў цукровай пудры, турыстычны маршрут па Ельні, «Дзікае паляваньне караля Стаха» і «Людзі на балоце» — усе гэтыя дарагія і вядомыя кожнаму беларусу рэчы, шляхі, кнігі грунтуюцца на такой, на першы погляд, зыбістай, але жывой тысячагодзьдзямі багне.
Некалі магутныя беларускія балоты зараз патрабуюць пільнай увагі і клопату. Мэліярацыя, штогадовыя пажары, будаўніцтва дарог, неабдуманыя законы робяць сваю справу — і дыханьне «лёгкіх Эўропы» становіцца больш кволым.
У гэтым тэксьце з цыклю «Сьляды» Свабода расказвае, як беларуская дзяржава абыходзіцца з балотамі.
А менавіта:
- адкуль на балотах пажары і колькі каштуе іх тушыць,
- а колькі каштуе паўторна забалоціць;
- як вяртлявая чаротаўка прыцягнула ў Беларусь мільёны эўра і чаму зараз працэс спыніўся,
- каму выгаднае будаўніцтва дарогі на Альманскіх балотах, якія зьмены прыроднага асяродзьдзя і клімату яно прынясе
- і навошта ўвогуле патрэбныя балоты.
Праект Свабоды «Сьляды» — пра тое, як аўтарытарнае кіраваньне ў Беларусі шкодзіць ня толькі чалавеку, але і прыродзе. У гэтым цыклі мы раскажам пра беларускія лясы, балоты і ўплыў Астравецкай АЭС на навакольнае асяродзьдзе.
«Гэта стэрэатып, што балота — нешта непрыемнае»
У Беларусі некалькі тысяч балотаў. Гэта прыкладна чвэрць усіх балотаў Эўропы. Найбольш іх на Палесьсі.
Раней балоты ў Беларусі займалі каля 2,9 мільёна гектараў, што складала больш за 14% тэрыторыі краіны. Але праз асушэньне іхняя плошча значна паменшылася. Мэліярацыя пачалася на беларускіх землях яшчэ ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя. Больш за 70% балотаў у Беларусі асушылі ў савецкі час, з 1960 па 1990 гады. Плошча натуральных балотаў паменшылася да 863 тысяч гектараў, гэта каля 4% плошчы Беларусі.
Балота Ельня
«У нас у Беларусі няма мора. У нас ёсьць прыгожыя лясы і дзівосныя балоты. Для мяне балота гэта эстэтычна вельмі прыгожае месца», — кажа беларускі эколяг Глеб* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).
Ён адзначае, што ў савецкі час улады адмыслова стваралі нэгатыўны вобраз балота.
«Гэта стэрэатып, што балота — нешта непрыемнае, дрэннае, страшнае», — перакананы эколяг.
Ён сам любіць хадзіць па балотах. Заўважае, што там ёсьць небясьпечныя месцы. Ён часам правальваўся ў багну, але выбіраўся. Тым, хто ня ўпэўнены ў сваіх сілах і веданьні балотаў, эколяг раіць хадзіць па дрыгве з правадніком або арганізаванымі сьцежкамі. На думку суразмоўцы, недзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі здолелі палепшыць імідж балотаў у вачох беларусаў, зацікавіць імі. Папулярнасьць тураў па балотах сярод беларусаў апошнімі гадамі вырасла.
Балота Ельня, мох сфагнум
Балоты называюць «лёгкімі плянэты», бо яны змагаюцца з глябальным пацяпленьнем. Яны паглынаюць вуглярод і перашкаджаюць яму вылучацца ў атмасфэру. Гэта зьмякчае парніковы эфэкт.
Да таго ж балоты выконваюць функцыю водных рэзэрвуараў. Яны як губка ўбіраюць у сябе залішнюю вільгаць падчас моцных дажджоў і аддаюць яе ў засушлівы пэрыяд. Так яны перашкаджаюць паводкам, ачышчаюць ваду натуральным чынам.
«Гэта акумулятары вады. Калі перавесьці ў грошы, то мільярды ў нас захоўваюцца дзякуючы балотам», — кажа Глеб.
Яшчэ адна роля балотаў — яны дом для многіх расьлін і жывёлаў, у тым ліку чырванакніжных. Зьнішчэньне балотаў у Беларусі ўплывае таксама на іншыя краіны.
«Як толькі ў нас пачалі асушаць балоты, на Палесьсі вельмі моцна зьмяніўся клімат. Ён стаў сушэйшы, вельмі непрадказальны, то цёплы, то замаразкі, вятры», — тлумачыць Глеб.
Расіца, Ельня
«Балоты мясцовым жыхарам забясьпечваюць зьмякчэньне ваганьняў тэмпэратуры, увільгатненьне, тое, чаго чалавек, можа, не заўважае. Але навукоўцы, параўноўваючы тэрыторыі, дзе ёсьць балоты і дзе іх няма або дзе яны асушаныя, гэтую важную функцыю рэгуляваньня мікраклімату заўважаюць», — кажа Свабодзе беларускі эколяг Яўген* (імя суразмоўцы зьмененае дзеля ягонай бясьпекі. — РС).
1,5 мільёна даляраў на тарфяныя пажары
Апошнімі дзесяцігодзьдзямі балоты ў Беларусі пэрыядычна гараць. Ужо сёлета з пачатку году на Палесьсі здарыліся тры балотныя пажары. Гарэлі найбольшае ў Эўропе нізіннае балота ў заказьніку «Званец» на Берасьцейшчыне; адзін з найбуйнейшых балотных комплексаў у Эўропе Спораўскія балоты. У апошнім выпадку агонь ахапіў больш за 60 гектараў, зарыва было відаць у горадзе.
Пажар на Альманскіх балотах
Летась некалькі пажараў на балотах адбыліся і ў верасьні. Самы маштабны зафіксавалі на Альманскіх балотах — найбуйнейшым у Эўропе комплексе верхавых, пераходных і нізінных балотаў, захаваных у натуральным стане. Пацярпела каля 70 гектараў. Міністэрства лясной гаспадаркі далажыла, што іх тушылі 110 чалавек, 8 пажарных машын, тракавыя балатаходы, два гелікоптэры. Тады ж загарэліся і Ельня, і балота ў Крупскім раёне.
Балота Ельня, да прыкладу, гарэла з 1975 году шмат разоў. Але адзін з найбуйнейшых пажараў на ім здарыўся ў 2002 годзе. Тады агонь зьнішчыў каля 80% расьліннасьці. Людзей з суседніх вёсак нават хацелі эвакуаваць праз атрутны дым.
«Пажары на натуральных балотах вельмі рэдка нясуць небясьпеку для населеных пунктаў або людзей. Але ёсьць выпадкі, калі гарыць балота, закранутае мэліярацыяй. Напрыклад, Ельня. І тады цэлым мясцовасьцям, як Мёрам раней, цяжка дыхаць», — пракамэнтаваў Яўген.
Імшарніца шматлісіая, Ельня
Ён дадае, што ў вялікіх гарадах Расеі павышаецца сьмяротнасьць, калі побач зь імі гараць балоты. У Беларусі, заўважае ён, такога няма.
Эколяг Глеб расказаў, што раней была небясьпека для людзей падчас пажару на Дакудаўскім балоце на Лідчыне.
«Успаміны мясцовых жыхароў, калі мы зь імі размаўлялі, былі пра гэтыя страшныя пажары, якія вельмі хутка пашырыліся на вялікую плошчу. Пажар рухаўся ў бок вёскі. Праз пажары на балоце паветра становіцца вельмі небясьпечным», — пераказаў ён.
Ельня
Суразмоўца ўзгадвае, як мясцовыя жыхары расказвалі пра супрацьпажарныя равы, якія рабілі трактарамі.
«Жывёлы, птушкі — усе спрабавалі зьбегчы адтуль. З балота яны напрасткі беглі, паўзьлі, ляцелі ў бок паселішчаў, вёсак. Жыхары бачылі у гэтых равах вельмі шмат зьмеяў. Яны падалі і не маглі выпаўзьці адтуль. Для людзей гэта былі вельмі страшныя ўспаміны», — пераказвае ён.
Пажары на балотах шкодзяць ня толькі прыродзе, але і эканоміцы. Экспэрты палічылі, што каб патушыць 1 гектар балота, патрэбна каля 3 тысяч даляраў. Да прыкладу, у 2002 годзе ў Беларусі патрацілі 1,5 мільёна даляраў, каб патушыць тарфяныя пажары.
Яўген тлумачыць, што пажары на балотах вядуць да зьнішчэньня верхняга пласта торфу, расьліннасьці, якая пасьля будзе вельмі доўга аднаўляцца, да выкідаў вуглякіслага газу ў атмасфэру.
Марошка на балоце Ельня
«Балота можа аднавіцца заўсёды. Яно мае мэханізмы. Чым больш яно натуральнае, тым больш пэўна зможа гэта зрабіць. Але гэта патрабуе часу. Калі адзін пажар накладваецца на другі, балота ня мае часу аднавіцца. Ёсьць балоты, якія гараць часта, і перастаюць выконваюць шмат якія функцыі, асабліва захаваньне біялягічнай разнастайнасьці», — кажа Яўген.
«Павялічыць мэліярацыю ўтрая»
Як так атрымліваецца, што балоты, дзе вада і вільгаць, гараць?
Чыноўнікі магчымай прычынай пажараў на балотах часта называюць падпал або чалавечую неасьцярожнасьць, бо людзі ходзяць на балоты ў ягады.
«Прычына пажараў на балотах — у першую чаргу чалавек, людзі, якія туды заходзяць», — згодны эколяг Яўген.
Возера Плоскае, Ельня
Але эколягі адзначаюць, што, апрача чалавечага фактару, існуе яшчэ адна важная прычына балотных пажараў — мэліярацыя. Празь яе падае ўзровень грунтовых водаў. Асушаны верхні пласт торфу робіцца добра гаручым. Ён лёгка запальваецца і можа гарэць, а потым тлець месяцамі і нават гадамі. Да таго ж сухі трысьнёг і трава спрыяюць пажарам нават на неасушаных балотах.
Беларусь займае пятае месца ў Эўропе ў запасах торфу, які выкарыстоўваюць як паліва, угнаеньне, у мэдыцыне і касмэталёгіі. Торф здабываюць на балотах.
«Вядома, адна з важных прычын таго, што балоты гараць, — гэта мэліярацыя. Тое, што яны ў асушаным стане. Але балоты будуць гарэць таксама і калі яны мокрыя, але зарослыя трысьнягом, у натуральным стане. Асноўная прычына — не мэліярацыя. Але мэліярацыя — прычына таго, што пажары на балотах робяцца асабліва сур’ёзнымі і нясуць асабліва сур’ёзныя наступствы», — дадае Яўген.
Асабліва інтэнсіўна балоты асушалі ў пасьляваенны час — каб аднавіць эканоміку, тлумачыць Глеб.
«Трэба было краіну неяк падымаць. Усё зруйнавана. Адзін з варыянтаў — распрацоўка балотных тэрыторыяў, асушэньне, здабыча торфу. Асушалі балоты, каб павялічыць плошчы лясоў, стварыць новыя сельскагаспадарчыя палеткі», — кажа ён.
Багун, Ельня
Найбольшую шкоду беларускім балотам прынесла менавіта мэліярацыя савецкага пэрыяду, пацьвярджае Яўген.
У Беларусі дагэтуль ёсьць прадпрыемствы, якія займаюцца здабычай торфу. Напрыклад, на самым старым балоце Беларусі, гэта Марочна, якое месьціцца ў Пінскім раёне ў заказьніку агульнадзяржаўнага значэньня. Яно мае статус міжнароднай Рамсарскай тэрыторыі — там спыняюцца падчас пералёту або гняздуюць птушкі.
«Кожныя некалькі гадоў тэрыторыя заказьніку пераглядаецца. Мы змагаліся, каб заказьнік не рэарганізавалі, не паменшылі, але частку ўсё ж адрэзалі яшчэ да 2020 году», — кажа Глеб.
Марочна — адно з прадпрыемстваў, дзе торф здабываюць ня гэтулькі дзеля торфабрыкету, колькі для глыбейшай апрацоўкі і вытворчасьці больш каштоўных рэчаў — угнаеньняў, лекаў, расказвае эколяг. «Такі варыянт адзін з самых нядрэнных, бо ня трэба асушаць вялікіх плошчаў», — заўважае ён.
Сухое дрэва, Ельня
Эколяг Яўген адзначае, што ў 2019 годзе ў Беларусі прынялі закон, які забараняе асушаць некранутыя балоты.
«Мэліярацыі для сельскай гаспадаркі практычна не адбываецца. Ёсьць асушэньне балотаў для торфаздабычы. Ня думаю, што лічбы мэліярацыі (за апошнія гады) вельмі ўражваюць. Хутчэй вяртаюцца ў сельскагаспадарчае абарачэньне раней мэліяраваныя, але не ўжываныя землі», — дадае ён.
У канцы сакавіка 2024 году ў дзяржаўным прадпрыемстве «Белвадгас» паведамілі, што мэліяраваныя землі ў краіне займаюць 35% сельскагаспадарчых земляў — гэта 1,8 млн гэктараў, «адваяваных у балотаў». У арганізацыі хваліліся, што мэліярацыя ратуе сельскую гаспадарку ад паводкі, а таксама дзякуючы штучным вадасховішчам разьвівае гадоўлю рыбы.
Пляны на мэліярацыю земляў у беларускіх чыноўнікаў вялікія. Мінулай восеньню Лукашэнка чарговы раз «прыняў сур’ёзнае рашэньне аб разьвіцьці Палесься» і загадаў «адрадзіць» рэгіён. На ўвазе мелася выкарыстаньне ў сельскай гаспадарцы «неасвоеных земляў» — каб кожны «кавалачак зямлі быў у абыходку, прыносіў нейкі вынік». Пра экалёгію і каштоўнасьць балотаў чыноўнікі не згадалі.
Пра балотныя тэрыторыі, што страцілі каштоўнасьць
Сапраўды, асушаныя балоты сёньня складаюць больш за траціну сельскагаспадарчых земляў у Беларусі. І такія землі вельмі ўрадлівыя ў першыя гады. Аднак, як камэнтуе эколяг Глеб, яны звычайна вельмі хутка вычэрпваюцца.
«Шмат балотных тэрыторыяў, якія асушылі, ужо нельга ўжываць у сельскай гаспадарцы. Яны ўжо страцілі сваю каштоўнасьць, бо былыя балоты хутчэй робяцца непрыдатнымі. У Беларусі ўвесь час была вельмі агрэсіўная сельская гаспадарка. Асушаныя балоты ў мінулым актыўна ўзворвалі. Праз гэта адбывалася хуткае акісьленьне тарфянікаў. Торф ператвараўся ў пыл і вывейваўся зь вятрамі», — расказвае суразмоўца.
Перадусім гэта датычыць Палесься, дадае адмысловец, «дзе балоты ператварыліся ў закінутыя, некаштоўныя для сельскай гаспадаркі землі». Ён заўважае, што на частцы асушаных балотаў спрабуюць вырошчваць лес, але і ён не паўсюль добра расьце.
Каб спыніць вычарпаньне земляў, мяркуе Глеб, на асушаных балотах варта было б пэрыядычна вырошчваць травяністыя культуры, а ня ўзворваць іх штогод. На іх таксама можна было б пасьвіць жывёлу, нарыхтоўваць там сена.
«Зямля ўзбагачалася б. Каранёвая сыстэма стрымлівала б торф і не давала яму акісьляцца і развальвацца, тарфянікі не ператвараліся б у пустэчу», — кажа эколяг.
Ягоны калега Яўген заўважае, што ў Польшчы тарфянікі выкарыстоўваюць пад пашы і пад вырошчваньне травы для кароў. Выгада меншая, чым, прыкладам, ад вырошчваньня бульбы. Але так асушаныя тэрыторыі праслужаць даўжэй і эфэктыўней.
200–300 гадоў на аднаўленьне
Добры выхад для такіх земляў, тлумачыць Глеб, — забалоціць іх наноў, каб запусьціць працэс вяртаньня сапраўднага балота. Дзеля гэтага трэба перакрыць мэліярацыйныя каналы, якія паступова зарастуць. У выніку вада будзе адтуль горш сыходзіць і стане накоплівацца. Так могуць пачацца павольныя працэсы, якія прывядуць да аднаўленьня балота.
«Гэта ня хуткі шлях, але найбольш выгадны і, магчыма, правільны, бо акурат асушаныя тэрыторыі найбольш падатныя на пажары. Гэта вельмі марудна, але балоты спыняць пажары, павялічаць вышыню грунтовых водаў, што будзе карысна для лясоў вакол», — дзеліцца эколяг.
Ён тлумачыць, што каб асушаная тэрыторыя зноў стала балотам, патрэбна 200–300 гадоў. «На жаль, мы ўжо ня ўбачым, як гэта будзе адбывацца», — камэнтуе адмысловец.
Дзяржаўныя арганізацыі таксама прыйшлі да такой высновы, кажа Глеб. Асушаныя тэрыторыі тут пачалі паўторна забалочваць прыкладна ў 2006 годзе. Грошы на забалочваньне і на дасьледаваньне балотаў Беларусь прыцягвала ў тым ліку з эўрапейскіх фондаў, праектаў ПРААН, Глябальнага экалягічнага фонду, нямецкага банку разьвіцьця KfW, зь Японіі. Эколяг адзначае, што апошнімі гадамі забалочваньню перашкаджаюць кліматычныя зьмены: засухі, зімы бязь сьнегу.
Журавіны на балоце
Сярод паўторна забалочаных — балота Дзікі Нікар на Берасьцейшчыне, балоты Сьвятое і Дакудаўскае на Горадзеншчыне.
«Калі мы едзем з боку Менску, з правага боку стварылі палі, затопленыя вадой. Там шмат птушак зьбіраецца па вясьне. Гэта добры прыклад таго, што з такімі землямі можна рабіць, каб яны не заставаліся закінутымі і небясьпечнымі з гледзішча пажараў», — кажа Глеб пра Дакудаўскае балота.
Але і ў аднаўленьні балотаў ёсьць мінус.
«Пры забалочваньні таксама адбываюцца працэсы гніеньня, у якіх вылучаюцца парніковыя газы, вуглякіслы газ. Гэта нэгатыўна, але непазьбежна», — тлумачыць эколяг.
Ён дадае, што забалочваньне магчымае пакуль на невялікіх тэрыторыях. На вялікія няма грошай, гэта дорага.
«У нас няма добрых прыкладаў. Бо мы заўсёды забалочвалі ня так, як хацелася б, а на што хапала грошай. Нашыя кошты разьлічваліся ад 50 эўра за гектар. Гэта ў дзясяткі разоў менш, чым кошты, якія выдаткоўваюцца ў Эўропе. Гэтак ня толькі таму, што ў нас усё таньнейшае, але таму, што ўсе нашыя праекты аднаўленьня былі кампраміснымі. Мы не засыпалі цэлы роў, а будавалі застаўкі кожныя 30 сантымэтраў», — кажа Яўген.
Ён дадае, што ў Беларусі сумы на паўторнае забалочваньне вымяраліся ў дзясятках і сотнях тысячах эўра, але не ў мільёнах.
«Калі балота асушаюць, каб зарабіць грошы, то пасьля трэба ўкласьці грошы, каб вярнуць балота да больш-менш натуральнага стану. Мы, можа, нават у мінусе застанемся», — адзначае Глеб.
Пры гэтым Яўген заўважае, што Беларусь у лідэрах сярод эўрапейскіх краін у забалочваньні раней асушаных тэрыторыяў.
«Важна, каб такія тэрыторыі абнаўляліся, працягвалася праграма забалочваньня. На гэта зараз грошай Эўропа ўжо не дае», — кажа Глеб.
Ягоны калега Яўген заўважае, што цяпер сродкаў на паўторнае забалочваньне значна меней і таму яно адбываецца ў значна меншых памерах. Аднак працэс працягваюць, прыкладам, у Белавескай пушчы.
«Дзяржаве цяпер прыходзіцца браць на сябе тыя выдаткі, якія яна раней шчасьліва залучала з-за мяжы і ўкладала ў ахову роднай прыроды. Цяпер гэтага нічога няма», — камэнтуе эколяг.
Дарогі праз Альманскія балоты
Яшчэ адна праблема ў тым, што праз балоты будуюць дарогі.
«Лесьнікі кажуць: „Мы будуем дарогі, каб змагацца з пажарамі“. Але чым больш дарог, тым прасьцей людзям трапляць у аддаленыя мясьціны лесу і балотаў. І тым самым яны павялічваюць колькасьць пажараў», — тлумачыць Глеб.
Паводле яго, кожныя пяць гадоў у Беларусі распрацоўваюць лясны кодэкс, у якім агаворваюць будаўніцтва лясных дарог на кожны год. Гэтая лічба расьце.
«Каб пабудаваць дарогі, трэба асушыць вялікую частку балота. Там расьце рызыка пажараў. Звычайна ў ягады ходзяць, у журавіны. Альманскія балоты вядомыя сваймі ягаднікамі. Калі нехта закурыць цыгарэту і кіне, не задумваючыся аб наступствах», — дадае эколяг.
Будаўніцтва дарогі праз Альманскія балоты, 2018 год
Пабудова адной з такіх дарог выклікала розгалас. Так здарылася ў 2018 годзе, калі праз Альманскія балоты будавалі дарогу ў 23 кілямэтры. Выявілася, што перад гэтым праз балоты праклалі яшчэ дзьве дарогі. Шмат эколягаў, навукоўцаў, арганізацыяў выступілі супраць будаўніцтва. Глеб тлумачыць, што дарогі былі патрэбныя, каб высякаць дрэвы ў глыбіні балотна-ляснога комплексу Альманскіх балотаў, «практычна на тэрыторыі рэспубліканскага заказьніку», дзе іх больш, чым на ўскрайку.
Пасьля скандалу ў Міністэрстве лясной гаспадаркі заявілі, што надалей дарог праз Альманскія балоты будаваць ня будуць, хаця плянавалі яшчэ дзьве. Эколягі зьвязваюць такі эфэкт з папярэднім шумам у мэдыя.
Як беларускія балоты прыносілі краіне мільёны эўра
За дзесяцігодзьдзі дзякуючы балотам і маленькай птушцы, якая на іх жыве, Беларусі ўдалося атрымаць мільёны эўра.
Да 2020 году дзякуючы недзяржаўным арганізацыям (НДА) краіна здолела залучыць шмат грошай з-за мяжы на экалягічныя праекты, зьвязаныя з аднаўленьнем балот, дасьледаваньнямі выкідаў вуглякіслых і парніковых газаў на балотах, захаваньнем рэдкіх відаў — такіх, як вяртлявая чаротаўка, вялікі арлец.
«Чаротаўка павінна быць сымбалем нашай краіны. Бо за дзесяцігодзьдзі дзякуючы гэтай маленькай птушцы ўдалося прыцягнуць больш за ўсё грошай на Беларусь», — кажа эколяг Глеб.
Птушкі балота Ельня
Прыклад — праект Wetlands. Падчас яго навукоўцы назіралі за папуляцыямі вяртлявай чаротаўкі, дасьледавалі яе паводзіны. Расчышчалі месцы, дзе жыве гэтая птушка (балоты Званец і Спораўскае на Палесьсі). Арганізоўвалі сенакос на балотах і выпас жывёлы, што спрыяла распаўсюджванню чаротаўкі. Дзеля гэтага закуплялі трактары, касілкі, іншую тэхніку. Частку папуляцыі вяртлявых чаротавак перасялілі зь беларускага балота Званец у Літву. Праект уключаў таксама адукацыйную і інфармацыйную кампаніі.
«Вяртлявая чаротаўка прынесла Беларусі мільёны эўра, бо было некалькі праграмаў, скіраваных на захаваньне месцаў яе гнездаваньня. Гэта некалькі найбольшых нашых балотаў: Дзікое, Званец і Спораўскае», — дадае Яўген.
Гэта былі праекты і недзяржаўных, і дзяржаўных арганізацыяў: «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), Міністэрства прыродных рэсурсаў, Глябальнага экалягічнага фонду.
Вяртлявая чаротаўка
«Дзякуючы недзяржаўным арганізацыям шмат пытаньняў даводзілася да дзяржаўных органаў. Калі б не было НДА, магчыма, на гэтую птушку (вяртлявую чаротаўку. — РС) ніхто не зьвярнуў бы ўвагі. АПБ і падобныя арганізацыі прыцягвалі ўвагу да праблемаў. На гэта маглі спасылацца ў тым ліку дзяржаўныя органы, калі прасілі грошай за мяжой», — тлумачыць Глеб.
Ён адзначае, што на чаротаўку выдавалі шмат сродкаў, бо ў Эўропе яе амаль не засталося. Яшчэ ёсьць папуляцыя ў Польшчы. Калі б вяртлявая чаротаўка зьнікла, на думку Глеба, многія гэтага не заўважылі б.
На ягоную думку, для Беларусі захаваньне чаротаўкі, арляца вялікага і малога, белай сініцы — гэта добрая магчымасьць у будучыні прывабліваць турыстаў на птушак (бэрдвотчэраў, птушкароў).
«Вельмі шмат аматараў птушак у Эўропе. Бэрдвотчынг становіцца папулярным у сьвеце. Людзі імкнуцца выяжджаць на прыроду, больш зь ёю кантактаваць. Да 2020 году вельмі шмат людзей прыяжджалі, каб пабачыць птушак. Беларусь вельмі цікавая краіна для натуралістаў, назіральнікаў за птушкамі, якіх ужо ня ўбачаць у Эўропе», — кажа Глеб.
Расьлінная разнастайнасьць верхавога балота
Раней НДА ўплывалі на зьмены ў заканадаўстве, бралі ўдзел у грамадзкіх абмеркаваньнях, ініцыявалі наданьне ахоўнага статусу пэўным тэрыторыям.
«Грамадзкія арганізацыі бралі ўдзел у „мяккіх“ дзеяньнях: лабіявалі пэўныя зьмены, стварэньне заказьнікаў. Такога гульца — адваката балотаў — ня стала. Хоць магчымасьці былі абмежаваныя, але іх усё роўна было дастаткова, каб уплываць на прыняцьце рашэньняў. Цяпер на яго ўплывае менш людзей, сытуацыя пагоршала», — адзначае Яўген.
Ельня
Пасьля 2021 году аўтарытарныя ўлады Беларусі закрылі больш за сто НДА, якія займаліся экалёгіяй, у тым ліку пытаньнямі балотаў. Сярод іх арганізацыі «Багна», «Экадом», «Цэнтар экалягічных рашэньняў», «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Зьліквідаваная партыя «Зялёныя». Разгромленыя і прызнаныя «экстрэмісцкімі» большасьць недзяржаўных мэдыя, якія зьвярталі ўвагу ў тым ліку на экалягічныя праблемы.
Эколяг Яўген перакананы, што балоты вельмі важныя і іх варта захоўваць.
«Балоты — унікальныя экасыстэмы, якія нагадваюць жывыя арганізмы, жывуць сваім жыцьцём, — тлумачыць Яўген. — Калі ім кепска, яны хварэюць. Але маюць мэханізмы самалекаваньня. Гэта вельмі важныя экасыстэмы. Іх карысьць мы ня можам у поўнай ступені ацаніць. Яны лепшыя, чым азёры, лепшыя, чым лясы, бо аб’ядноўваюць у сабе ўсе карысныя якасьці ўсіх відаў экасыстэмаў, якія ёсьць у Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыктатура супраць лясоў. Як палітыка ўладаў Беларусі шкодзіць прыродзе